СВІ́ТА ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ,

стратыграфічная адзінка, асн. падраздзяленне мясц. стратыграфічных схем. Уключаюць амаль аднародныя асадкавыя, вулканагенныя метамарфічныя горныя пароды або чаргаваныя пароды розных тыпаў. Маюць уласную геагр. назву і аб’ядноўваюцца ў серыі геалагічныя. Падзяляюцца на падсвіты, пачкі, пласты, слаі. Паводле аб’ёму могуць адпавядаць ч. яруса або некалькім ярусам. З’яўляецца асн. аб’ектам карціравання пры геал. здымках. Пры яе вылучэнні ўлічваецца рэчыўны склад; палеанталаг. рэшткі дапаўняюць літалаг. і фацыяльную характарыстыку і з’яўляюцца паказчыкамі адноснага ўзросту. На Беларусі світы, вылучаныя ў розных ч. разрэзу крышт. фундамента і платформавага чахла, складзены з парод: метамарфічных (напр., людзяневіцкая світа ў крышт. фундаменце); тэрыгенных (аршанская і пінская ў рыфеі, рэдкінская і котлінская ў вендзе, рыцкая і страдзецкая ў кембрыі, прудкоўская і дудзіцкая ў пермі, каранёўская і мазырская ў трыясе і інш.); карбанатных (прыбугская і навасёлкаўская ў ардовіку, мухавецкая і кусцінская ў сілуры); саляносных (капаткевіцкая і салігорская ў дэвоне); вулканагенных і вулканагенна-асадкавых (ратайчыцкая ў вендзе, васілеўская і шарпілаўская ў дэвоне).

С.​А.​Кручак.

т. 14, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)